ЭФЕ́КТ СТАНО́ВІШЧА ГЕ́НА,
змена праяўлення актыўнасці гена пры перамяшчэнні яго ў інш. ўчастак храмасомы. Адбываецца пры структурных перабудовах храмасом (транслакацыях), мае ўласцівасць абарачальнасці. Адрозніваюць 2 тыпы: стабільны Э.с.г. бывае пры перамяшчэнні гена паміж эўхрамацінавымі ўчасткамі храмасомы (магчымы механізм — уцягванне перамешчанага гена ў сістэму рэгуляцыі інш. генаў); нестабільны — пры перамяшчэнні гена з эўхрамаціну ў гетэрахрамацін ці наадварот. У першым выпадку ў некат. клетках адбываецца інактывацыя транскрыпцыі гена паводле прынцыпу «ўсё або нічога», якая наследуецца ў клетачных пакаленнях (у саматычных тканках паяўляецца мазаіцызм адзнакі). Характэрная ўласцівасць нестабільнага Э.с.г. — дыстанцыйны ўплыў гетэрахрамаціну на інактывацыю гена (з павелічэннем адлегласці частата інактывацыі памяншаецца). Вывучэнне Э.с.г. перспектыўнае для высвятлення механізмаў геннай рэгуляцыі ў эўкарыётаў.
т. 18, кн. 1, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)